УРА́НГЕЛЯ ВО́СТРАЎ.

У Паўн. Ледавітым ак., на мяжы Усх.-Сібірскага і Чукоцкага мораў, у Чукоцкай аўт. акрузе Расіі. Аддзелены ад мацерыка пралівам Лонга. Пл. 7,3 тыс. км². Берагі нізінныя, расчлянёныя лагунамі, якія аддзелены ад мора пясчанымі косамі. Востраў складзены з філітаў, крышт. сланцаў, гранітаў, гнейсаў. Цэнтр. ч. занята гарамі (выш. да 1096 м). Клімат суровы. Сярэдняя т-ра студз. ад -21,3 да -23,3 °C, ліп. 2—2,5 °C. Увесь год востраў абкружаны бар’ерам таросістых ільдоў. У гарах ёсць невял. вісячыя і каравыя ледавічкі. Палярная станцыя (з 1926). Запаведнік. Нас. пункты — Ушакоўскае, Звёзны. Названы імем Ф.​П.​Урангеля.

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)